Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Ілюстратары

Мікалай Іванавіч Байрачны нарадзіўся 22 снежня 1950 г. у Баку (Азербайджанская ССР). Вучыўся ў сярэдняй школе № 3 г. Пінска Брэсцкай вобласці, наведваў студыю выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам В. П. Пулхава пры гарадскім Доме піянераў. У 1976 г. скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці «кераміка». Вучыўся ў М. Бяляева, Т. Паражняка.

Алена Георгіеўна Лось нарадзілася 22 студзеня 1933 г. у Вільнюсе. Яе бацька, ураджэнец Брэстчыны, скончыў Вiленскi ўнiверсiтэт, працаваў урачом. Любiў маляваць, выпiсваў французскi часопiс, прысвечаны мастацтву. Мацi валодала французскай і нямецкай мовамi, захаплялася рускай паэзiяй «сярэбранага веку». Дзіцячыя гады Алены Лось звязаны з Пружаншчынай, дзе яна амаль шаснаццаць гадоў жыла спачатку ў Лыскава, потым у Магілёўцах і Ружанах.

Павел Юр’евіч Татарнікаў нарадзіўся 23 ліпеня 1971 г. у г. Брэсце ў сям’і мастакоў Юрыя Іванавіча і Валянціны Аляксандраўны Татарнікавых. Бацькі дазвалялі яму і старэйшай сястры карыстацца сваімі фарбамі, пэндзлямі, алоўкамі і паперай. Вучыўся Павел у СШ № 20 г. Брэста, займаўся ў дзіцячай мастацкай школе, у 12-гадовым узросце быў прыняты ў Рэспубліканскую школу-iнтэрнат па музыцы i выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка ў Мінску.

Алена Аляксандраўна Афанасьева нарадзілася 19 красавіка 1900 г. у г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст) у сям’і рускага афіцэра. Вялікая сям’я штабс-капітана Аляксандра Сямёнавіча часта пераязджала. З Брэста яго перавялі на Далёкі Усход, потым ён прымаў удзел у Першай сусветнай вайне. Алена пайшла ў гімназію ў Чыце, а закончыла ў Харбіне. Малявала з ранняга дзяцінства, шмат капіравала з рэпрадукцый Левітана, Макоўскага, Клейна і інш.